Версия для слабовидящих Інтэрнэт-праект «І ліецца хваляй песня…» да 130-годдзя М.Багдановіча — Средняя школа №7 г. Калинковичи
[an error occurred while processing the directive]

Інтэрнэт-праект «І ліецца хваляй песня…» да 130-годдзя М.Багдановіча

Жыццё паэта было кароткае, але за свае 25 гадоў на зямлі ён паспеў пакінуць беларусам багатую творчую спадчыну. Сваім паэтычным словам, усёй літаратурнай дзейнасцю Максім Багдановіч паспрыяў нацыянальнаму і духоўнаму адраджэнню Беларусі і яе народа. І тое не засталося без адказу. Паэзія класіка была і застаецца запатрабаваная і актуальная, яна знаходзіць шырокае адлюстраванне ў творчасці многіх культурных дзеячаў нашай краіны. Пра Багдановіча здымаюць дакументальнае і мастацкае кіно, яго асоба і творчасць становяцца тэмай работ мастакоў і даследчыкаў.

Творы паэта з’яўляюцца сапраўднай крыніцай натхнення для беларускіх кампазітараў. Многія вершы Максіма Багдановіча былі пакладзены на музыку і сталі неад’емнай часткай айчыннай музычнай культуры.

Мелодыка  і спеўнасць вершаў Максіма Багдановіча сёння не выклікае сумнення. І, бадай, гэта найвялікшая з усіх адметнасцяў творчасці паэта. Кампазітары звярнуліся да творчасці Максіма Багдановіча ў 20-ым стагоддзі,  пазней, чым гэта зрабіў народ, які распяваў «Лявоніху» ці не адразу пасля з’яўлення верша.

Сучасныя  музыкі ўсё часцей спрабуюць агучыць Максімавы творы. Многія спробы ўжо сёння сталі сапраўднымі шэдэўрамі. Немагчыма не адзначыць беларускіх кампазітараў Ігара Паліводу, Ігара Лучанка і асабліва Уладзіміра Мулявіна. У 1991 годзе да 100-годдзя  з дня нараджэння Максіма Багдановіча  ім была створана новая канцэртная праграма на вершы паэта, музыку напісаў ён сам. У яе ўваходзілі наступныя творы:

  1. «Ой, чаму ж я стаў паэтам»

  2. «Краю мой родны»

  3. «Максім і Магдалена»

  4. «Вянок»

  5. «На чужыне»

  6. «Эмігранцкая»

  7. «Слуцкія ткачыхі»

  8. «Па-над белым пухам вішняў»

  9. «Вераніка»

  10. «Прывет табе, жыццё на волі»

  11. «У Максіма на кашулі»

  12. «Зорка Венера»

  13. «Лявоніха»

  14. «Пагоня»

Акрамя ансамбля «Песняры» песні на словы Максіма Багдановіча спявалі і спяваюць такія выканаўцы як Лявон Вольскі, Якаў Навуменка, Валерый Дайнека, Алесь Камоцкі, Эдуард Акулін, Вячаслаў Клімовіч і інш. Іх падхапілі і прадоўжылі тым самым ім жыццё Алена Саўленайтэ, Ганна Шаркунова, Герман (Зміцер Карпінчык), Сафія Вяршыніна, Георгій Калдун  і многія іншыя.

Трэба аддаць даніну павагі  і вядомаму беларускаму дзяржаўнаму аркестру пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, у рэпертуары якога да гэтай пары ёсць творы на вершы Максіма Багдановіча. Музыку да іх напісаў адзін з самых таленавітых людзей Беларусі, цудоўны музыка, бліскучы піяніст, кампазітар Ігар Палівода. На першым фестывалі беларускай паэзіі і музыкі ў Маладзечна была выканана вялікая праца Ігара Паліводы — поп-опера «Максім» на вершы Максіма Богдановіча.

«І ліецца хваляй песня…». Максімава песня: «Па-над белым пухам вішняў», «Краю мой родны», «Слуцкія ткачыхі», «Зорка Венера», «Вераніка», «Лявоніха», «Пагоня»…

Кранаюць самыя глыбокія струны чалавечай свядомасці і пачуццёвасці і нібы звязваюць людзей адзін з адным нябачнымі чароўнымі ніцямі  праз стагоддзі.

Паспрабуем і мы далучыцца да айчыннай музычнай культуры, вывучаючы  Максімавы песні на ўроках беларускай літаратуры.