Версия для слабовидящих 8 клас — Средняя школа №7 г. Калинковичи

8 клас

“Рамансам” Максіма Багдановіча пачынаецца знаёмства з лірыкай кахання


Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Светлыя згадкi з сабой прывяла…
Помнiш, калi я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла.
З гэтай пары я пачаў углядацца
Ў неба начное i зорку шукаў.
Цiхiм каханнем к табе разгарацца
З гэтай пары я пачаў.
Але расстацца нам час наступае;
Пэўна, ўжо доля такая у нас.
Моцна кахаў я цябе, дарагая,
Але расстацца нам час.
Буду ў далёкім краю я нудзіцца,
Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю;
Кожную ночку на зорку дзівіцца
Буду ў далёкім краю.
Глянь іншы раз на яе, – у расстанні
Там з ёй зліём мы пагляды свае…
Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,
Глянь іншы раз на яе…
1909-1912

Матывы кахання – дамінуючыя ў паэзіі Багдановіча. Такой канцэнтрацыі пачуцця кахання, яго пераходаў, пераліваў да Багдановіча беларуская паэзія яшчэ не ведала.

Паэт у Ніжнім Ноўгарадзе жыў самотна, быў цалкам захоплены кнігамі: шмат чытаў, пісаў свае вершы, артыкулы, вывучаў мовы, перакладаў.  Сітуацыя змянілася, калі сям’я пераехала ў Яраслаўль. Максіму было 16 гадоў. Ён прадоўжыў навучанне ў мясцовай гімназіі. У хуткім часе літаратурныя здольнасці юнака былі заўважаны настаўнікамі. Ён пачаў наведваць заняткі літаратурнага гуртка і праз некаторы час набыў славу самага таленавітага сярод гімназічнай моладзі пісьменніка.

У Яраслаўскай гімназіі Максім Багдановіч пасябраваў са сваімі аднакласнікамі. Асабліва зблізіўся ён з Рафаілам Какуевым і стаў наведваць яго дом. Тут збіралася гімназічная моладзь, юнакі і дзяўчаты спявалі песні, чыталі вершы, музіцыравалі. Максім пазнаёміўся з сястрой сябра Ганнай Какуевай. Іх многае збліжала. Абодва гадаваліся сіротамі без мам, якіх рана забраў туберкулёз. Ядналі іх і духоўныя інтарэсы: захапленне літаратурай, музыкай. Паміж  маладымі ўзнікла каханне. Аднак іх дарогам не суджана было сысціся.  Даследчыкі творчасці Максіма Багдановіча лічаць, што Ганна Какуева натхніла паэта на стварэнне многіх шэдэўраў. Сярод іх і «Раманс».

Гэта той жа 1911 г., пачатак 1912 г., калі паэт перажываў востры душэўны крызіс. Сябры раз’ехаліся, каханая Аня Какуева вучылася ў Пецярбурзе. Смутак, адзінота, адчуванне безвыходнасці…

Музыку да «Раманса» Максіма Багдановіча напісаў вядомы грамадска-палітычны дзеяч Заходняй Беларусі, пісьменнік і асветнік Сымон Рак-Міхайлоўскі, які, на жаль, быў расстраляны як вораг народа ў 30-х гг. мінулага стагоддзя. На доўгія дзесяцігоддзі яго імя было забаронена. Створаная Сымонам Ракам-Міхайлоўскім музыка жыла ў народзе. Яна была запісана на Гродзеншчыне і доўгі час выконвалася харавымі калектывамі, якімі ён кіраваў, палюбілася беларусам. Ва ўсіх тагачасных спеўніках пазначалася, што музыка «Раманса» народная.

«Слуцкія ткачыхі»… можа, найвялікшы наш шэдэўр.

У. Караткевіч

Паэт захапляўся красою, закладзенай у прыроде, і самой красой чалавека ствараць прыгожае ўласнымі рукамі. У вершы «Слуцкія ткачыхі» М. Багдановіч уславіў прыгожае, якое было створана чалавекам.


Ад родных ніў, ад роднай хаты

У панскі двор дзеля красы

Яны, бяздольныя, узяты

Ткаць залатыя паясы.

І цягам доўгія часіны,

Дзявочыя забыўшы сны,

Свае шырокія тканіны

На лад персідскі ткуць яны.

А за сцяной смяецца поле,

Зіяе неба з-за акна, –

І думкі мкнуцца мімаволі

Туды, дзе расцвіла вясна;

Дзе блішча збожжа ў яснай далі,

Сінеюць міла васількі,

Халодным срэбрам ззяюць хвалі

Між гор ліючайся ракі;

Цямнее край зубчаты бора…

І тчэ, забыўшыся, рука,

Заміж персідскага узора,

Цвяток радзімы васілька.

1912

У 1911 годзе Багдановіч прыязджае ў Вільню, былую сталіцу Вялікага княства Літоўскага, адзін з цэнтраў тагачаснага нацыянальнага жыцця беларусаў.  Тут паэт пражыў усяго некалькі дзён, але дзён вельмі плённых, духоўна насычаных.

У Вільні Багдановіча пасялілі ў пакойчыку пры рэдакцыі газеты “Наша ніва”. Адзін з яе супрацоўнікаў, вядомы пісьменнік, вучоны, грамадска-палітычны дзеяч Вацлаў Ластоўскі доўгія гадзіны вёў з паэтам гутаркі пра Беларусь, яе культуру, пра слаўную гісторыю Бацькаўшчыны, пра багатую мастацкую спадчыну народа. Гутаркі дапаўняліся непасрэдным  знаёмствам з творамі нашай даўніны: з беларускімі летапісамі, кнігамі Скарыны, іншымі старадрукамі, зборнікамі фальклору, Статутам Вялікага княства Літоўскага. Багдановіч быў уражаны, захоплены, узрадаваны, што наш народ мае такую багатую спадчыну, якой неабходна ганарыцца, якую трэба ведаць, каб адчуць сваю нацыянальную годнасць. Пад уражаннем ад пачутага і ўбачанага Максім Багдановіч напісаў цыкл вершаў “Старая Беларусь”, куды ўвайшоў верш “Слуцкія ткачыхі”.

У калекцыі, пра якую згадвалася раней, былі і слуцкія паясы – шэдэўры беларускага ткацтва. Слуцкія паясы ткаліся ў XVІІІ стагоддзі ў Слуцку, адкуль і пайшла іх назва. Спачатку паясы рабіліся па ўзорах, якія прывозілі з Блізкага Усходу – з Персіі, а затым мясцовыя майстры пачалі ўключаць у арнамент нацыянальныя матывы, кветкі беларускіх палёў і лугоў: васількі, незабудкі, жытнія каласы, дубовыя жалуды і інш. Вырабляліся паясы на тэрыторыі Беларусі не толькі ў Слуцку, але і ў Гародні, Нясвіжы, Ружанах.

Разглядваючы тое багацце, якое  створана беларусамі, паэт разважаў пра лёс нацыянальнага мастацтва, думаў пра тых таленавітых людзей, якія пакінулі нашчадкам выдатную духоўную спадчыну. Невядома, ці сказалі ў Вільні тады паэту, што паясы ткалі не прыгонныя сяляне, а вольны люд. Галоўнае, што роздум творцы выліўся ў цудоўныя паэтычныя радкі – верш “Слуцкія ткачыхі”.

Цёплы вечар, ціхі вецер…


Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог,

Улажылі спаць мяне вы на зямлі.

Не курыцца светлы пыл усцяж дарог,

Ў небе месяца праглянуў бледны рог,

Ў небе ціха зоркі расцвілі.

Знічка коціцца агністаю слязой,

Прашумела мякка скрыдламі сава;

Бачу я, з прыродай зліўшыся душой,

Як дрыжаць ад ветру зоркі нада мной,

Чую ў цішы, як расце трава.

1910