Версия для слабовидящих ПРЫЛАДЫ — Средняя школа №7 г. Калинковичи
[an error occurred while processing the directive]

ПРЫЛАДЫ

ПРАНІК – пляскаты  драўляны брусок з ручкай, якім перылі (пралі) бялізну пры мыцці, палотны пры адбельванні; ім таксама абівалі лён, проса.

ПРАС ВУГАЛЬНЫ – такі прас награваўся бярозавым вуголлем, верх яго адчыняўся, як карабок, і вугалькі засыпалі ўнутр. У бакавых сценках былі адтуліны для паляпшэння цягі. Такі прас называўся “духавы”, бо яго патрэбна было ўвесь час раздуваць.

КАЧАЛКІ  –  прыстасаванні для разгладжвання тканых вырабаў. Накручаны на качалку выраб раскочвалі валком. Валок – прамы ці выгнуты драўляны брус з нарэзанымі ўпоперак трапецападобнымі зубцамі знізу і з ручкай.

ЧАЎНОК  — прылада для прапускання нітак, якія накручвалі на цэўку, драўляную палачку з утаўшчэннямі на канцах. Вядомы дзве разнавіднасці чаўнака — з донцам і полы. У першым выпадку цэўку кладуць на дно, а ўточную нітку прапускаюць праз адтуліну збоку ці ў канцы чаўнака (у працэсе ткання прытрымліваюць цэўку вялікім пальцам. У полым чаўнаку цэўку мацуюць на тонкім металічным стрыжні, таму яго не трэба было прытрымліваць.

ПРАСНІЦА – драўляная  прылада для прадзення воўны, льняной і пяньковай кудзелі. Найбольш пашыраныя лапатападобныя. Іх рабілі з суцэльнага кавалка дрэва.

СУКАЛА – прылада  для намотвання нітак на цэўкі. Уяўляе сабой дзве стойкі з умацаваным паміж імі гладка адшліфаваным валікам з махавым колам, размешчаным бліжэй да аднаго канца валіка. З працілеглага канца ў валік устаўляўся металічны стрыжань, на які надзявалася цэўка (вярчэнне дасягалася хуткімі рытмічнымі ўдарамі  па валіку). Знізу стойкі змацоўваліся драўлянай плахай або збіваліся дошкамі з бокоў і знізу ў выглядзе скрынкі для цэвак. Насуквалі цэўкі з клубка ці з матавіла.

Быў час, калі ў вёсцы ўсе былі папрадухамі: маці вучыла прасці дачку, бабка – унучку. Вы бачыце таксама некаторыя прылады для ткацтва, у прыватнасці грэбень, на якім жанчыны пралі кудзелю. Папрадуха левай рукою выцягвае з барады валасінкі, а правай  круціць верацяно, навіваючы  на яго нітку. Потым іх маталі ў клубкі, затым сукалі цэўкі. Цэўкі закладвалі ў чоўнік, а зімою снавалі і ткалі кросны.

ВЕРАЦЯНО – прылада для ручнога прадзення лену, воўны, пянькі. У старажытныя часы верацяном служыла драўляная крыху завостраная палачка, пазней-конусападобная палачка даўжыней 20-30 см з завостраным верхам, патоўшчаным нізам, на які для павелічэння вагі надзявалі прасліца, і вострай пяткай верацяно выстругвалі нажом або выточвалі з бярозы, ясеню, грушы і інш.

НАЧОЎКІ —  карытападобная пасудзіна з шырокім адкрытым верхам. Прызначаліся для мыцця бялізны, прыгатавання сечанай капусты (якую ссыпалі потым у бочку), мяса для каўбас і інш. Рабілі з драўлянага цурбана (асіны,ліпы), колатага папалам; ёмістасць выдзёўбвалі цяслой, сценкі і дно знутры згладжвалі скобляй, разцом. Невялікія начоўкі для ачысткі зерня называюцца апалушкі.

У кожным двары абжывалася цэлае сямейства кашоў, старых i новых, вялiкiх i малых. Без iх, лёгкiх i зручных, не абыходзiлiся нi дарослыя, нi дзецi. У  кашах з плеценымі вечкамі  захоўвалі сушаныя каўбасы, паляндвіцы, кумпякі. Кош – плеценая ёмістасць сярэдняга памеру для збірання і пераносу гародніны, бульбы, садавіны, грыбоў і інш. Мае драўляную ручку.

А вось перад вамі бойка.  Калі малако адстойвалася ў збанках, гаспадыня збірала зверху смятану – густы, тлусты слой. Назапашвала смятаны ўдосталь і біла з яе ў бойцы масла. Масла білі ўручную. Калатоўка шпарка бегала зверху-ўніз, знізу-ўверх. Бегала доўга і без перадыху, каб смятана ў бойцы не астыла. Збіўшы масла, злівалі ў збанкі маслёнку. Кіславатая, з залацістымі крупінкамі масла, яна смачна сёрбалася потым з цёплаю бульбаю.