Версия для слабовидящих ІНТЭР’ЕР — Средняя школа №7 г. Калинковичи

ІНТЭР’ЕР

Душой сялянскай хаты была печ.

Размяшчэнне печы вызначала планіроўку ўсяго жылога пакоя. Звычайна печ ставілі ў куце справа ці злева ад дзвярэй. Кут насупраць вусця печы быў рабочым месцам гаспадыні. Усё тут было прыстасавана для падрыхтоўкі ежы. Ля печы стаяла качарга, вілачнік, памяло, драўляная лапата. Побач – ступа з таўкачом, ручныя жорны і кадка-квашня для закваскі цеста. Качаргой попел выграбалі з печы. Вілкамі кухарка чапляла пузатыя гліняныя або чыгунныя гаршкі (чыгуны) і адпраўляла іх у жар. У ступе яна таўкла збожжа. Памялом сялянка падмятала пад печкай, а на лапату саджала будучы каравай.

Побач з печчу абавязкова вісеў рукамыйнік і ручнік. Пад ім стаяла драўляная балея для бруднай вады. Вышэй размяшчаўся пячны брус, на які ставілася кухоннае начынне і ўкладваліся разнастайныя гаспадарчыя прылады.

Да печы адносiлiся як да жывой iстоты. Забаранялася ўжываць «у яе прысутнасцi» грубыя або непрыстойныя словы: «Няможна гэтак казаць, бо печ у хаце», «Сказаў бы, ды печ у хаце».

Ёсць у вясковай хаце месца, дзе пасядзець лічыцца за вялікі гонар. Покуць – гэта пачэснае месца ў хаце, не забытай Богам. Покуць спрадвеку ачышчала і ўзвышала чалавека, рабіла яго лепшым. Прыходзіла свята, Каляды ці Вялікдзень, і на покуці першы садзіўся гаспадар,  а злева ад яго астатнія сямейнікі. І не абы як, а па старшынству. Маліліся, успаміналі добрым словам дзядоў і прадзедаў, частаваліся.

        Покуць – гэта  куточак храма ў хаце. Уверсе, пад самай столлю, вісяць абразы з выявамі Ісуса Хрыста і святых. Яны  маўкліваю малітваю асвячаюць хату і жыццё  людзей у гэтай хаце, на ўсёй сядзібе. Покуць прыгожа ўбіраецца. На абразы гаспадыня вешае ўзорныя ручнікі – набожнікі.  На покуці мясціліся стол і лава. Стол выконваў ролю своеасаблівага хатняга алтара, таму ставіліся да яго з павагай і дапусціць на стол ката лічылася вялікім грахом, бо тут заўсёды знаходзіліся хлеб ды соль.

         Ажыўлялі вясковую хату рэчы, зробленыя рукамі гаспадароў і вясковых умельцаў.