Версия для слабовидящих СТРАВЫ — Средняя школа №7 г. Калинковичи

СТРАВЫ

Кулеш, мачанка, бігас, верашчака, капыткі…. Не, гэта не лаянкі на тарабарскім, а стравы беларускай нацыянальнай кухні. І, калі вы думаеце, што яна абмяжоўваецца толькі дранікамі і калдунамі, тады надышоў час раз і назаўсёды развеяць гэты міф.

Беларусы славяцца сваёй гасціннасцю. Толькі госць на парог – пачастунак  на стол. Я запрашаю вас у падарожжа па маёй малой радзіме, дзе вас накормяць вельмі смачна сняданкам, абедам, не забудуць падаць апетытны дэсерт, а лёгкая вячэра  не сапсуе вашай фігуры.

Настаў час і абедаць. Пачэснае месца  на стале займае хлеб, з ім ядуць і першыя, і другія стравы. Няма нічога смачней, як адрэзаць гарачую лусту, густа пасаліць яе і з’есці.

Калі на стале гусь і парася, то работа хараша. Так гавораць у народзе.

О, як ляжыць ён маляўніча

На падагнутых капытках,

Задзёршы ўгору пекны лычык

З пахучай траўкай у зубах!

Парасяціна адварная, свініна, запечаная па-дамашняму, гусяціна з грыбамі, качка з яблыкамі, зразы беларускія, каўбаскі сялянскія і іншая смаката – усё  гэта адметныя стравы беларускай кухні. 

Хтосьці аддае перавагу сушы, хтосьці не можа жыць без пасты ці піцы, а хтосьці і дня не можа пражыць без бульбы, якая круглы год не сыходзіць са стала беларусаў. Бабка, дранікі, камы, калдуны, клёцкі, запяканка, бульба ў гаршчочку, бульбяныя пызы – гонар   нацыянальнай кухні беларусаў.

Да страў з рыбы беларусы ставяцца з вялікай прыязнасцю. Бяседны стол ніколі не будзе поўным без рыбы. З яе не толькі вараць юшку, рыбу соляць, вэндзяць, сушаць, смажаць, запякаюць.

На сняданак нам падаюць бліны. У печы ўжо разагрэлася патэльня. Цяпер у ход пайшла подмазка – звычайны  шматок свінога сала. Яна ажно шыпіць, пішчыць, але сваю справу робіць. Цяпер трэба распусціць цеста тонкім і роўным слоем па ўсёй патэльні і сунуць яе ў печ. І вось пшанічны круг  злятае з распаленай да чырвані патэльні і смачна пляскаецца на талерку.  Ах, блін! Ім можна любавацца бясконца!

Пульхныя, румяныя, смачныя, духмяныя…. Спрабуем іх з варэннем, мёдам, смятанай. Але найсмачней мачаць бліны ў верашчаку – традыцыйная  страва для мачання бліноў.

Бабуля пачастуе нас апетытным дэсертам. Шкада, што сёння многія не ведаюць, што такое   жур. А гэта  – аўсяны кісель,  ён вельмі карысны для здароўя і ніколі не сапсуе вашай фігуры.

А яшчэ старажылы ведаюць сакрэт гістарычнага дэсерту “Архас”, вядомага ажно з 17 стагоддзя. Яго вельмі любіў Ян Сабескі, кароль Рэчы Паспалітай і Вялікі князь Літоўскі. Смачна есці!

А што ў нас да гарбаты? Печыва, сырнікі з разынкамі, пірагі, наліснікі, печаныя яблыкі, журавіны ў цукры, хрусты, каржы, пернікі.

Атрымлівайце асалоду.