Версия для слабовидящих АДЗЕННЕ — Средняя школа №7 г. Калинковичи
[an error occurred while processing the directive]

АДЗЕННЕ

Хоць і цяжка жылося нашым продкам, але не страцілі яны пачуцця прыгожага. Звярніце, калі ласка, увагу, якую вопратку насілі сяляне. Усё рабілі сваімі рукамі, пачынаючы ад саматканай тканіны да ўзораў вышыўкі  на ручніках і посцілках.

На сваіх палосах сяляне вырошчвалі лён, каноплі, апрацоўвалі іх: рвалі, мачылі, мялі, трапалі, ачышчалі ад кастрыцы, часалі, пралі, ткалі. Увесь працэс апрацоўкі сыравіны ад пачатковых стадый да вырабу гатовых прадметаў адзення праходзіў у хатніх умовах. У хатніх умовах афарбоўвалі ніткі і тканіны, а таксама апрацоўвалі воўну і скуру, з якіх шылі верхняе адзенне, галаўныя ўборы, некаторыя віды скуранога абутку. Жаночае і мужчынскае адзенне шылі самі сялянкі — вялікія майстрыхі ў гэтай справе.

Сярэднекантынентальны клімат беларускага краю вымагаў адносна цёплага і закрытага адзення. Ніткі і тканіны фарбаваліся прыроднымі фарбавальнікамі — настоямі траў, кары, лісця, шышак, балотнай жалезнай рудой. Ільняныя тканіны, з якіх вырабляліся кашулі, фартухі, галаўныя ўборы, не фарбаваліся. Белае палатно аздаблялі арнаментам, які рабілі натыканнем ці вышыўкай. У старажытнасці чырвоны колер сімвалізаваў жыццё, а нанесены з дапамогай арнаменту на каўнер, разрэз пазухі, ніз кашулі служыў засцерагальным знакам. Ён жа адыгрываў істотную кампазіцыйную ролю, абядноўваючы часткі адзення ў мастацкае цэлае. Паліхромнасць уласціва суконным і паўсуконным тканінам адзення, якое падпяразваецца, а таксама поясу. Тут вышыўка амаль што адсутнічае, а тканы ўзор вызначаецца сакавітасцю тонаў, смеласцю іх спалучэнняў — чырвоны, зялёны, сіні, белы.

Жаночае адзенне. Асновай жаночага комплексу адзення сялянак была кашуля, якая мела некалькі назваў: «сарочка», «кашуля», «рубаха», «рубашка». «Кашуляй» сяляне называлі сарочку верхнюю, якую насілі са спадніцай ці андаракам. Як правіла, яна была з доўгімі рукавамі. «Сарочкай», як і пазней у ХІХ — ХХ стст. называлі таксама сподняе плечавое адзенне крыху іншага крою, якое магло быць і з кароткімі рукавамі, без каўняра.

Найчасцей кашулю шылі з доўгімі рукавамі. Шырыня і даўжыня рукава ў многім залежалі ад прызначэння кашулі. Шырокі («вольны») і доўгі рукаў упрыгожваў святочную кашулю, але быў нязручны для працы. Шырыня рукава залежала і ад шырыні палатна. Шырыні аднаго палотнішча часта не хапала, а таму, як правіла, для расшырэння проймы ўстаўлялі невялікія клінкі трохвугольнай, квадратнай ці ромбавіднай формы, уверсе пад рукаў, радзей — кліны на ўсю даўжыню рукава. Устаўка пад рукаў мела лакальныя назвы: «цвікля», «цвэгель», «клінок», «падрушнік», «ластавіца» і інш. Унізе рукава збіралі ў «заборы», і да яго прышывалі манжэты («манкеты», «каўнерцы», «каўнерыкі», «чохлы», «абшляг», «рукавашы») вузкай («у 2 пальцы») двайной палоскай палатна. У асобных месцах традыцыйна шылі кашулі з шырокімі манжэтамі, да якіх прышывалі карункі або валан («фальбонка», «брыжыкі», «брыжы» і інш.) ці ніз шырокага рукава проста збіралі на зборку на 10 см ад краю. Гэта былі святочныя кашулі. Манжэты палатнянай кашулі рабілі і з іншай (пакупной) тканіны.

Традыцыйны жаночы касцюм — комплекс, у які ўваходзіць паясное адзенне з нясшытых палотнішчаў тканіны (напрыклад, калышка, панёва), з саянам, шубейкай і сабранай па таліі спадніцай, якая мела розныя назвы.

Панёва мае адметнасці не толькі дэкаратыўныя, але і канструкцыйныя. На Беларусі сустракаецца адзін з варыянтаў у выглядзе напалавіну сшытага прамавугольніка каля 120 см даўжынёй. Тканіна перагіналася папалам, фіксавалася на поясе так, што нясшытыя часткі звісалі з бакоў, утвараючы так званыя «крылы». Рознілася спосабамі драпіравання на фігуры.

У спадніцы з некалькіх точаў захаваліся некаторыя адзнакі структуры гэтых больш ранніх элементаў. Так, паміж полкамі спераду ўстаўляўся кавалак, які адрозніваўся дэкорам і часта колерам. Некалькі падоўжаных полак сшывалася вертыкальна. Колькасць точаў стварала абём. На Беларусі мелі распаўсюджванне шырокія ў 3 — 5 полак спадніцы. Існавалі спадніцы і з гарызантальным швом, так званыя папярэчкі. Па таліі спадніцы збіраліся ў зборкі, прышываўся пояс або матуз.

Паясное адзенне, пашытае з добраякаснага матэрыялу і «спецыялістам» (заезжым ці мясцовым майстрам), называлі андаракамі. Андарак звычайна шылі з воўны, так называліся і спадніцы са змешаным валокнаў. Найбольш характэрнай расфарбоўкай андаракаў зяўляецца разнакаляровая клетка ці палоска. Часцей за ўсё па чырвоным фоне андарака ткаліся вертыкальныя палосы зялёнага, сіняга, белага колераў. Сустракаліся вішнёвыя і чорныя андаракі ў зялёную, жоўтую, чырвоную, сінюю палоску. Былі андаракі і ў папярочную палоску і ў клетку яркай расфарбоўкі — белыя, чорныя, чырвоныя, зялёныя, фіялетавыя клеткі.

У комплекс традыцыйнага касцюма уваходзіў таксама фартух. Ён надзяваўся на спадніцу спераду, завязваўся па таліі. Па крою уяўляў прамавугольны кавалак тканіны (у адну, дзве, дзве з паловай, тры шырыні). Захоўваліся розныя формы ў адпаведнасці з функцыянальнай роллю, якую ён меў. Фартух часта рабiся з фальбонай па нiзу, шырыня гэтай дэталi магла быць вузкай (5 см) i шырокай (фальбона займала палавiну ўсёй даўжынi). Уверсе фартуха закладвалiся зборкi або трупы складак i прышываўся пояс, каўнерык. На канцы пояса мацавалiся ромбападобныя каляровыя кавалкi матэрыі. Упрыгожвалi стужкамi, гарызантальнымi радамi неглыбокiх складак, прошвамi, карункамi, аплiкацыямi. Вузкiя, з адной полкi тканiны фартухi закрывалi спаднiцу толькi спераду. Шырокiмi абгортвалася амаль уся фiгура так, што краi сыходзiлiся ззаду.

Мужчынская адзенне. Мужчынскі касцюм складаўся з палатнянай кашулі і портак, пашытых з даматканага палатна або сукна ў залежнасці ад пары года. Дадаткам да гарнітура з’яўлялася яшчэ сумачка-каліта, якую насілі на папружцы праз плячо ці на поясе.

Белую палатняную кашулю тунiкападобнага цi палiковага крою насiлi навыпуск. Яна мела адкладны ці стаячы каўнер, прамыя цi сабраныя ля манжэт у дробныя зборачкi рукавы. Святочныя кашулi звычайна шылi са стаячым каўняром, якi зашпiльвалi злева на два гузiкi, што давала магчымасць багата аздабляць вышыўкай манiшку.

Нешырокiя льняныя штаны з ромбападобнай устаўкай, ушытай у штанiны вугламi, або з двума ўшытымi ззаду клiнамi запраўлялi ў анучы цi боты. Святочныя летнiя штаны такога ж крою ў гэты перыяд шылi ўжо часцей за ўсё з афарбаванага раслiннымi фарбавальнiкамi ў чорны колер iльнянога палатна, або паўсуконнага «шарака» (аснова з белых нiтак, а ўток — з чорных). З правага боку ў iх рабілi праразлую кiшэнь. Зiмовы варыянт шылi з даматканага сукна чорнага або карычневага колеру.

Зверху кашулi мужчыны падпяразвалiся самаробным плеценым цi тканым поясам — вузкiм чырвоным, сiнiм, зялёным з махрамi на канцах або шырокiмi шматколернымi. Сталыя i старыя мужчыны прывешвалi да пояса скураную калiту, але найчасцей проста ў правай кiшэнi штаноў насiлi кiсет з люлькай, тытунем i крэсiвам для высякання агню. Касцюм у некаторых мясцовасцях дапаўняўся камiзэлькай, якая звычайна шылася з даматканага сукна або камбiнавалася з палатном (перад з сукна, а спiнка з палатна).

Традыцыйны сялянскі абутак, плецены з лыка (лазовага, ліпавага), пяньковых або льняных вітушак ці тонкіх вяровачак. Лыка для лапцей дралі ў маі-чэрвені, нарыхтоўвалі таксама луццетонкія ліпавыя жэрдкі з карой. У залежнасці ад тэхнікі вырабу вылучаліся два тыпы лапцей:прамога і касога пляцення.

         Выраб лапцей быў пераважна мужчынскім заняткам. Лапці насілі мужчыны і жанчыны, дарослыя і дзеці на працягу ўсяго года. Іх надзявалі на палатняныя анучы, зімой – на  суконкі.

Вочы разбягаюцца ад стракатай прыгажосцi кашуль i фартушкоў, посцілак і абрусаў, ручнікоў і розных намітак. Не, такіх абноў у краме не купіш: у іх – жыццё, натхненне, душа таленавітых народных майстрых.