Хоць і цяжка жылося нашым продкам, але не страцілі яны пачуцця прыгожага. Звярніце, калі ласка, увагу, якую вопратку насілі сяляне. Усё рабілі сваімі рукамі, пачынаючы ад саматканай тканіны да ўзораў вышыўкі на ручніках і посцілках.
На сваіх палосах сяляне вырошчвалі лён, каноплі, апрацоўвалі іх: рвалі, мачылі, мялі, трапалі, ачышчалі ад кастрыцы, часалі, пралі, ткалі. Увесь працэс апрацоўкі сыравіны ад пачатковых стадый да вырабу гатовых прадметаў адзення праходзіў у хатніх умовах. У хатніх умовах афарбоўвалі ніткі і тканіны, а таксама апрацоўвалі воўну і скуру, з якіх шылі верхняе адзенне, галаўныя ўборы, некаторыя віды скуранога абутку. Жаночае і мужчынскае адзенне шылі самі сялянкі — вялікія майстрыхі ў гэтай справе.
Сярэднекантынентальны клімат беларускага краю вымагаў адносна цёплага і закрытага адзення. Ніткі і тканіны фарбаваліся прыроднымі фарбавальнікамі — настоямі траў, кары, лісця, шышак, балотнай жалезнай рудой. Ільняныя тканіны, з якіх вырабляліся кашулі, фартухі, галаўныя ўборы, не фарбаваліся. Белае палатно аздаблялі арнаментам, які рабілі натыканнем ці вышыўкай. У старажытнасці чырвоны колер сімвалізаваў жыццё, а нанесены з дапамогай арнаменту на каўнер, разрэз пазухі, ніз кашулі служыў засцерагальным знакам. Ён жа адыгрываў істотную кампазіцыйную ролю, абядноўваючы часткі адзення ў мастацкае цэлае. Паліхромнасць уласціва суконным і паўсуконным тканінам адзення, якое падпяразваецца, а таксама поясу. Тут вышыўка амаль што адсутнічае, а тканы ўзор вызначаецца сакавітасцю тонаў, смеласцю іх спалучэнняў — чырвоны, зялёны, сіні, белы.